
Творчы вечар Людмілы Хмяльніцкай
- Details
- Створана 20.07.2016 11:32
18 ліпеня ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбыўся творчы вечар гісторыка, краязнаўцы Людмілы Хмяльніцкай.
На творчым вечары выступіла карэспандэнт газеты «Звязда», журналіст, аўтар кнігі «Сустрэчы без абцасаў» Надзея Дрыла. Кніга складзеная паводле інтэрв'ю з паспяховымі беларускімі жанчынамі. Надзея расказала, што кожны чытач кнігі можа знайсці для сябе нешта блізкае, кніжку можна колькі заўгодна «разбіраць» на цытаты і вяртацца да яе зноў і зноў. Адной з гераінь кнігі з'яўляецца гісторык, краязнаўца Людміла Хмяльніцкая. Надзея з задавальненнем працытавала некаторыя моманты інтэрв'ю з Людмілай.
Людміла Хмяльніцкая расказала ўдзельнікам сустрэчы пра сваю дзейнасць у якасці краязнаўцы, пра цікавыя знаходкі падчас працы ў архівах, пра творчыя планы. З электроннай прэзентацыі ўдзельнікі вечарыны даведаліся пра краязнаўчыя выданні Людмілы Хмяльніцкай і пачулі гісторыю іх стварэння. Людміла падкрэсліла, што свабодны доступ да каштоўных гістарычных матэрыялаў у бібліятэках Польшчы, Расіі, іншых краін свету, дазваляе дапоўніць выдадзеныя раней кнігі новымі цікавымі звесткамі. Расказаўшы гісторыю стварэння навукова-папулярнага часопіса «Віцебскі сшытак», пяты нумар якога ўжо гатовы да выдання, Людміла Хмяльніцкая прапанавала выкласці электронныя варыянты папярэдніх чатырох нумароў часопіса на сайце бібліятэкі.
Кнігу «Сустрэчы без абцасаў» можна пачытаць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.


































