
Гістарычны навукова-папулярны часопіс «Віцебскі сшытак»
- Details
- Створана 27.09.2016 07:19
Гістарычны навукова-папулярны часопіс «Віцебскі сшытак» – чарговая спроба працягу даўняй традыцыі гісторыка-краязнаўчых перыядычных выданняў, якая склалася ў Віцебску яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Папулярныя даследаванні віцебскай гісторыі друкавалі «Полоцко-Витебская старина», «Витебские губернские ведомости», беларускамоўная «Віцебшчына», апошні нумар якой пабачыў свет у 1928 годзе.
У 90-я гады ХХ стагоддзя пачалося адраджэнне цікавасці да рэгіянальнай гісторыі, усведамленне неабходнасці яе вывучэння, з'явіўся попыт на беларускую краязнаўчую інфармацыю. Заснавальнікамі «Віцебскага сшытка» сталі Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Віцебскае абласное краязнаўчае таварыства, выдавецкі калектыў узначаліла гісторык Людміла Хмяльніцкая, фундатарам выступіла сумеснае беларуска-германскае прадпрыемства «Belwest», да якога далучыліся іншыя прадпрыемствы і прыватныя асобы.
Першы нумар часопіса выйшаў у 1995 годзе і быў прысвечаны Віцебскаму езуіцкаму калегіуму. У другім нумары, які быў надрукаваны ў 1996 годзе, змешчаны артыкулы, прысвечаныя 400-годдзю Берасцейскай уніі (1596–1996) і 400-годдзю надання Віцебску Магдэбургскага права (1597–1997). Трэці нумар выйшаў у 1997 годзе і асвятляе гісторыю Віцебшчыны І-й паловы ХІХ стагоддзя. «Віцебшчына на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў» – тэма чацвёртага нумара часопіса, выдадзенага ў 2000 годзе. Сярод аўтараў – прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Польшчы, Францыі. Многія дакументы, мемуары і даследаванні ўпершыню надрукаваныя на беларускай мове.
«Віцебскі сшытак» – унікальнае выданне, якое адлюстроўвае розныя аспекты шматвяковай гісторыі старажытнага Віцебскага краю, з'яўляецца запатрабаваным сярод гісторыкаў і краязнаўцаў, выкладчыкаў і навучэнцаў, усіх неабыякавых да гісторыі і культуры сваёй Радзімы.
З дазволу галоўнага рэдактара Людмілы Хмяльніцкай электронныя варыянты нумароў часопіса «Віцебскі сшытак» змяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі у раздзеле «Віртуальныя праекты і выставы on-line».


































