
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» «Альгерд – князь віцебскі»
- Details
- Створана 12.12.2016 07:20
8 снежня ў бібліятэцы адбыліся чарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» Тэма: «Альгерд – князь віцебскі».
Кандыдаты гістарычных навук Дзяніс Юрчак і Анатоль Дулаў расказалі слухачам курсаў пра становішча на землях ВКЛ у ХІІІ–ХІV стст. і непасрэдна пра вялікага князя Альгерда і яго дачыненне да Віцебска.
Першая жонка князя Альгерда была віцебскай князёўнай, і менавіта праз шлюб Альгерд здолеў стаць князем віцебскім і далучыць наш горад да ВКЛ. Узыходзячы на прастол, князь, верагодна, абяцаў мясцовым жыхарам «не парушаць старыны», у выніку Віцебская зямля захавала шырокую аўтаномію. Абедзьве жонкі князя былі праваслаўныя, дзеці, хутчэй за ўсё, таксама. Ці быў ахрышчаны сам Альгерд, дакладна невядома. Прысутныя пачулі розныя гіпотэзы, пацверджаныя навуковымі фактамі. Па меркаванні лектараў, князь Альгерд на працягу жыцця выкарыстоўваў веру хутчэй у палітычных мэтах і перад жаніцьбай на віцебскай князёўне мог фармальна прыняць хрысціянства.
Пры Альгердзе ў Віцебску былі ўзведзены каменныя Верхні і Ніжні замкі, дзякуючы чаму горад стаў адным з самых умацаваных у ВКЛ. У ХІV ст. была ўзведзена царква Святога Духа на Духаўскай гары. Пры другой жонцы князя Ульяне былі дабудаваны віцебскія замкі і, па паданні, заснаваны Свята-Духаў жаночы манастыр.
Госцем лекцыі стаў аўтар мастацкіх рэканструкцый віцебскіх замкаў, партрэтаў Альгерда і яго жонак Марыі і Ульяны, выкладчык ДШМ «Маладзік», віцебскі мастак Ігар Дураў. Ён расказаў, што пры рабоце над выявамі кансультаваўся са спецыялістамі па касцюме, вывучаў старажытныя гравюры.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі http://vlib.by/index.php/ru/vitsebsk-realnaya-i-papulyarnaya-gistoryya-2016 і на старонцы «в Контакте»: https://vk.com/histvitebsk.


































