
Цыкл «Краязнаўчыя сустрэчы»: Міхаіл Шмерлінг
- Details
- Створана 22.12.2016 08:16
21 снежня ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася сустрэча з журналістам, фотамастаком Міхаілам Шмерлінгам. 7 снежня Міхаіл Маркавіч адзначыў 70-годдзе. Павіншаваць закамітага фотамастака ў бібліятэку прыйшлі пісьменнікі, мастакі, краязнаўцы, журналісты, супрацоўнікі музеяў.
Міхаіл Шмерлінг падрыхтаваў электронную прэзентацыю сваіх фотаздымкаў, падчас якой расказваў пра гісторыю пэўных фотаработ, працу над здымкамі Стэфаніі Станюты, Рыгора Барадуліна, Аляксандра Салаўёва, многіх віцебскіх мастакоў. Былі паказаны фотаздымкі з Браслаўшчыны, дзе, як адзначыў сам майстар, ён вельмі любіць здымаць.
У 1969–1983 гг. Міхаіл Шмерлінг працаваў у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. З юбілеем майстра павіншаваў намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Валерый Шышанаў. Цёплыя словы і ўспаміны гучалі ў выступленнях былых калег па рабоце ў рэдакцыі газеты «Народнае слова» Аркадзя Падліпскага і Святланы Дзядзінкінай. Паэт Уладзімір Папковіч прачытаў верш, прысвечаны Міхаілу Шмерлінгу.
Высокамастацкія фотаработы Міхаіла Шмерлінга адзначаны дыпломамі фотасалонаў як у нашай краіне, так і за мяжой. Па фотаздымках Міхаіла Шмерлінга мы можам назіраць за гісторыяй і сённяшнім днём старажытнага Віцебска.


































