
Выстава «Калядныя ўзоры»
- Details
- Створана 22.12.2016 08:35
20 снежня ў бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы «Калядныя ўзоры». На выставе прадстаўлены вязаныя вырабы з беларускім арнаментам членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Святланы Лягковай і Тамары Волах, а таксама навагоднія ўпрыгожанні з калекцыі музея «Гісторыя Заронаўскага краю».
Святлана Мікалаеўна і Тамара Мікалаеўна захоплены вязаннем больш за 40 гадоў і вяжуць не проста так, а ўкладаюць пэўны сэнс у свае вырабы. На рукавіцы яны пераносяць старажытныя беларускія ўзоры як сімвалы дабрабыту, сям'і. Беларускі народны аргамент мае даўнюю гісторыю, кожны ўзор нешта значыць. Вырабы майстроў карыстаюцца вялікай папулярнасцю і ў жыхароў Беларусі, і ў замежных турыстаў. Рукавіцы не проста прыгожыя і цёплыя, але і захоўваюць нацыянальны каларыт. Святлана Мікалаеўна і Тамара Мікалаеўна развілі сапраўды ўнікальнае рамяство, іх праца адзначана шматлікімі дыпломамі. Святлана Лягкова расказала пра сваю працу над вязанымі вырабамі, пра асаблівасці ўзораў.
На выставе можна ўбачыць навагоднія ўпрыгожанні з XX стагоддзя: елачныя цацкі, Дзедаў Марозаў і Снягурак, якія прадаставіла захавальнік каштоўнасцей музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла Нікіціна. Людміла Канстанцінаўна звярнула ўвагу на найбольш старыя цацкі з калекцыі, расказала пра паштоўкі пачатку XX стагоддзя, што таксама прадстаўлены на выставе.
Святлану Лягкову і Людмілу Нікіціну звязваюць дзесяцігоддзі сяброўства, таму выстава сумеснай калекцыі – не выпадковасць. Вязаныя лялькі Святланы Лягковай маюцца ў калекцыі музея і прадстаўлены на выставе.
Выстава дзейнічае да 19 студзеня. Запрашаем усіх зацікаўленых.


































