
Літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная святу Божага Нараджэння
- Details
- Створана 06.01.2017 13:05
4 студзеня ў бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная святу Божага Нараджэння. Гасцямі вечарыны сталі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцлер дыяцэзіяльнай курыі ксёндз Віктар Місевіч, вернікі розных канфесій, літаратары, удзельнікі аматарскіх творчых суполак горада.
Нараджэнне Хрыстова – свята, якое ў гэтыя дні яднае вернікаў усіх хрысціянскіх канфесій, усіх людзей з добрым сэрцам і адкрытымі душамі. Вядучы вечарыны празаік Франц Сіўко адзначыў, што тэма Раства гучыць у творах многіх беларускіх пісьменнікаў, у творах класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча... Празаічны ўрывак з апавядання Якуба Коласа «Калядны вечар» пранікнёна прачытаў юны ўдзельнік імпрэзы Улад Каржанеўскі. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які павіншаваў усіх вернікаў з Раством Хрыстовым і прачытаў калядны верш Дануты Бічэль.
Вершы Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна прагучалі ў выкананні Наталлі Плешчанкі. Усіх захапіла па-сапраўднаму майстэрскае выступленне паэтак Людмілы Сіманёнак і Алены Гінько.
Вечарына была аздоблена гітарным акампанементам музыканта, выкладчыка музычнай школы Аляксандра Салавяна. Узрушана і ў вялікім захапленні госці вечарыны слухалі песню, якую выканаў пад уласны акампанемент Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Завяршылася імпрэза каляднай песняй «Учора з вячора засвяціла зора», якую праспявала моладзь з грэка-каталіцкай парафіі пры падтрымцы ўсёй залы.


































