
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск у ваенных падзеях XIV – XVIII стст.»
- Details
- Створана 21.02.2017 07:29
9 лютага ў бібліятэцы адбыўся чарговы занятак курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск у ваенных падзеях XIV – XVIII стст.». У гэты гістарычны перыяд адбылося вельмі шмат разнастайных ваенных падзей, што прайшлі праз нашы землі. Віцебск, як памежны горад, які неаднаразова апыноўваўся ў цэнтры ваеннага супрацьстаяння, адыгрываў значную ролю ў абароне дзяржавы.
Лекцыя пачалася з выступленння ўдзельнікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn». Кіраўнік клуба Макар Бабенка расказаў пра асаблівасці адзення і вайсковага ўзбраення ў тагачасны перыяд. Былі прадэманстраваны «строй шляхецкі цывільны», «ваенны строй «панцырнай шляхты», «строй еўрапейскага найміта-мушкецёра першай паловы XVI ст.». Як сімвал вайсковага аб'яднання і арыенцір у час бітвы выкарыстоўвалася вялікая палкавая харугва. Слухачам курсаў паказалі першую ў Беларусі навуковую рэканструкцыю харугвы «з тафты лазоравай і жоўтай» віцебскага палка апалчэння 1654 года, адноўленую ўдзельнікамі клуба. Акрамя таго, у Віцебску была харугва павятовая з гербам Віцебска і Віцебскага ваяводства, рэканструяванне гэтай харугвы яшчэ наперадзе, патрабуецца глыбокае вывучэнне гістарычных крыніц.
Пра тое, як разумеюцца войны ў сучаснай гістарычнай навуцы, пра атрыбуты, тыпы, прычыны войнаў расказаў загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў. Штодзённасцю тагачаснай шляхты былі ваенныя падзеі. Змаганне за Віцебск ішло не толькі пры нападзе знешніх праціўнікаў, а і пры ўнутраных канфліктах. Анатоль Мікалаевіч узгадаў пра барацьбу Свідрыгайлы за княжанне ў Віцебску, напад запарожцаў на горад. Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак звярнуў увагу слухачоў на тое, што нельга разглядаць ваенныя падзеі XI–XVIII стст. праз прызму найбольш крывавых I і II сусветных войнаў. Ваявалі за гаспадара, а не за ідэю ці за народ, наёмнікі ваявалі за грошы. Віцебск падчас большасці ваенных канфліктаў, што адбываліся ў гэты перыяд, не раз трымаў аблогу, прадмесці горада спальваліся. Найбольш пацярпеў горад падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654–1667 і II Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў. У 1708 годзе па загадзе Пятра І Віцебск быў спалены. Але ж і многія гістарычныя звесткі дайшлі да нас у сувязі з тым, што фіксаваліся пэўныя ваенныя падзеі, дакументы. Так, знакаміты «Чертеж места Витебска 1664 года», дзякуючы якому мы атрымалі найбольшае ўяўленне пра віцебскія замкі таго перыяду, быў тайна складзены з ваеннымі мэтамі.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «ВКонтакте».


































