
Цыкл «Краязнаўчыя сустрэчы»: Віктар Барысенкаў «Храмы Віцебска: страчаная спадчына»
- Details
- Створана 07.02.2017 07:44
2 лютага ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася сустрэча з краязнаўцам, фатографам, мастаком Віктарам Барысенкавым «Храмы Віцебска: страчаная спадчына».
Віктар Барысенкаў – стваральнік «архітэктурных фантомаў» – фотапраекцый славутасцей Віцебска. На сустрэчы Віктар прэзентаваў больш за 170 фотапраекцый, былі паказаны відэафільмы, на якіх паўставаў сучасны Віцебск і Віцебск XIX ст., горад у часы Вялікай Айчыннай вайны. Галоўнай тэмай сустрэчы стала тэма культавых будынкаў: шматлікіх праваслаўных, каталіцкіх, уніяцкіх храмаў, сінагог, якія ці зніклі з карты горада ў мінулыя стагоддзі, ці былі разбураныя ў савецкі час.
Віктар Барысенкаў расказваў пра страчаную спадчыну Віцебска, падрабязна апісваючы помнікі архітэктуры, гісторыю іх знікнення з віцебскіх ландшафтаў. Атрымалася сапраўдная лекцыя па гісторыі горада, многія факты прысутныя пачулі ўпершыню. Удзельнікі сустрэчы ўбачылі незвычайна прыгожы, незнаёмы горад, здзейснілі сапраўднае падарожжа ў мінулае, уявілі, якім можа стаць Віцебск, калі некаторыя храмы зноў адродзяцца.
У завяршэнне сустрэчы Віктар адзначыў: «З некаторых пор я стаў адчуваць, што людзі, што жылі раней за нас, нікуды не падзеліся. Яны засталіся там жа, дзе былі, проста мы з імі існуем у розных вымярэннях. Мы ходзім па адных і тых жа вуліцах, нябачныя адзін аднаму... Усё, што калісьці было, і ўсе, хто калісьці жыў, застаюцца назаўсёды. А, можа і сапраўды, усё гэта існуе і цяпер, і самая фантастычная прагулка па Віцебску, які быў, якога няма, але якім ён мог быць, усё ж такі магчыма?».


































