
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «1812 год у Віцебску»
- Details
- Створана 10.03.2017 13:15
9 сакавіка ў бібліятэцы імя У. І. Леніна адбыўся чарговы занятак бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Тэма: «1812 год у Віцебску».
Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак расказаў пра перадумовы вайны, рэкруцкія наборы з беларускіх земляў у расійскую армію, «скіфскую тактыку» рускай арміі падчас вайны 1812 года. Асобная ўвага была ўдзелена баям пад Віцебскам (у Астроўне, Кукавячыне, у раёне пасёлка Тарны), якія далі магчымасць злучэнням рускай арміі адступіць.
Пра 16 дзён Напалеона ў Віцебску расказала гісторык і краязнаўца Іна Абрамава. Кожны дзень Напалеон аб’язджаў горад, у Віцебску ён напісаў каля 100 лістоў. Храмы былі прыстасаваныя пад гаспадарчыя патрэбы напалеонаўскай арміі, было пабудавана некалькі пантонных мастоў. Таксама Іна Аляксандраўна расказала гісторыю стварэння помніка героям вайны 1812 года ў Віцебску.
Кандыдат гістарычных навук, гісторык і краязнаўца Мікалай Півавар расказаў пра напалеонаўскія мясціны Віцебшчыны. «Французскія могілкі», «напалеонаўская дарога», «напалеонаўскі клад» – хутчэй легендарныя, чым гістарычныя сведкі мінулага. Але ж ёсць на Віцебшчыне мясціны, сапраўды звязаныя з вайной 1812 года, – гэта знішчаны нядаўна ў Бешанковічах дуб, пад якім адпачываў Напалеон, палац, дзе ён спыняўся, помнікі героям вайны.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэм, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Матэрыялы лекцый размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «ВКонтакте».


































