
Прэзентацыя кнігі Маіны Бабарыка «Витебский витраж»
- Details
- Створана 15.03.2017 10:11
Да Сусветнага дня паэзіі
21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. Невыпадкова менавіта ў гэты дзень у Віцебскай абласной бібліятэцы сабраліся прыхільнікі паэтычнага слова. Па прапанове старшыні Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамары Красновай-Гусачэнка прысутныя ўшанавалі памяць усіх пайшоўшых з жыцця віцебскіх пісьменнікаў.
Цудоўным падарункам для жыхароў Віцебска стаў выхад у свет новай кнігі «Витебский витраж» ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Маіны Максімаўны Бабарыка, якая адзначыла таксама 21 сакавіка і свой дзень нараджэння. Маіна Максімаўна доўгія гады працавала на Віцебскай студыі тэлебачання кіраўніком рэдакцыі праграм для дзяцей і юнацтва. На яе кнігах узгадавалася не адно пакаленне віцяблян. Гэта дзявятая кніга аўтара. У паэтычны зборнік увайшлі вершы, прысвечаныя роднаму гораду, яго гісторыі, вуліцам і жыхарам. На прэзентацыі прагучалі як вершы з новай кнігі, так і радкі, што даўно палюбіліся чытачам.
З выхадам у свет новай кнігі Маіну Бабарыка павіншавалі віцебскія паэты Тамара Краснова-Гусачэнка, Уладзімір Папковіч, Мікалай Намеснікаў, Алена Крыклівец, Уладзімір Крайнеў, Ірына Радзіхоўская. Шмат цёплых слоў прагучала ад работнікаў культуры, супрацоўнікаў музеяў, архіваў, віцебскіх журналістаў. Мастак Фелікс Гумен і дызайнер вокладкі новай кнігі Настасся Красоўская падарылі Маіне Бабарыка свае карціны. Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, павіншаваўшы Маіну Максімаўну, пажадала ёй натхнення і хутчэйшага выхаду ў свет новай, дзясятай, кнігі.


































