
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск і ваколіцы ў пачатку XIX стагоддзя»
- Details
- Створана 22.03.2017 06:49
23 сакавіка ў бібліятэцы адбыўся чарговыя занятак бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» па тэме «Віцебск і ваколіцы ў пачатку XIX стагоддзя».
У гэты дзень наведвальнікаў бібліятэкі ўпершыню прымала ўтульная адноўленая актавая зала. На пачатку лекцыі дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян прывітала слухачоў курсаў і пажадала, каб яшчэ больш цікавых, змястоўных мерапрыемстваў ладзіліся і ў гэтай зале, і ва ўсёй бібліятэцы і больш жыхароў нашага горада сталі чытачамі абласной бібліятэкі.
Кандыдат гістарычных навук, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак расказаў пра крыніцы, якія сведчаць пра перыяд пачатку XIX стагоддзя ў Віцебску: мемуарную, гістарычную літаратуру, акварэлі Юзэфа Пешкі. Загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Анатоль Дулаў падрабязней спыніўся на змесце «Записок старика» Максіміліяна Маркса, своеасаблівых «гістарычных замалёўках віцябчаніна», і «Письме из Витебска» Ігнація Манькоўскага. Пра лёс шляхты на Віцебшчыне, рэкруцкія наборы расказаў кандыдат гістарычных навук, гісторык і краязнаўца Мікалай Півавар.
Атмасферу баляў XIX стагоддзя слухачы курсаў змаглі адчуць дзякуючы цудоўнаму выступленню ўдзельнікаў клуба культурна-гістарычнай рэканструкцыі «Паўночная вежа». Адна з кіраўнікоў клуба Хрысціна Бондарава расказала пра дзейнасць клуба, а затым удзельнікі клуба выканалі некалькі танцаў той эпохі.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэм, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Матэрыялы лекцый размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «ВКонтакте».


































