
Прэзентацыя літаратурна-мастацкага альманаха «Ратуша»
- Details
- Створана 22.05.2017 08:05
18 мая ў 17.30 у бібліятэцы адбылася прэзентацыя трэцяга выпуску літаратурна-мастацкага альманаха «Ратуша», выдадзенага Віцебскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў. Папярэднія выпускі пабачылі свет у 2014 і 2016 гадах.
Вечарына пачалася з выступлення намесніка старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Усевалада Сцебурака, які ўручыў пасведчанне сябра арганізацыі пісьменніку Міхасю Конану. Таксама ішла размова пра абласныя літаратурныя альманахі і адметнасці «Ратушы». Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і рэдактар альманаха Анастасія Лазебная расказала пра працу над новым выпускам і прадставіла аўтараў. Вершы, якія ўвайшлі ў новы выпуск альманаха, чыталі многія паэты – аўтары альманаха. Удзельнікі вечарыны былі радыя зноў пачуць як вершы такіх сталых майстроў слова, як Уладзімір Папковіч і Марыя Баравік, так і творы Аляксандра Пішчыка, Віялеты Зенчанка, упершыню выступаўшых у бібліятэцы. Вершы на цыганскай, англійскай і беларускай мовах вельмі экспрэсіўна прачытаў госць з Велікабрытаніі, паэт Вальдэмар Калінін. Песню на ўласны верш «Люблю Беларусь» цудоўна выканала Галіна Сінякова. Загадчык літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Алесь Замкоўскі прачытаў урывак з апавядання «Імбрык на агні». Літаратурнымі пародыямі і жартамі парадавалі прысутных паэты-сатырыкі Міхась Мірановіч і Фелікс Бейнер. Завяршыла вечарыну выступленне паэта і барда Алеся Камоцкага.


































