
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Марк Шагал і Віцебск»
- Details
- Створана 03.10.2017 08:35
28 верасня ў бібліятэцы пачаўся новы сезон бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў, прывітаўшы слухачоў курсаў, адзначыў, што тэмы, якія будуць асвятляцца на курсах у новым семестры, будуць цікавымі і разнастайнымі.
Тэма першых заняткаў – «Марк Шагал і Віцебск». Лектарам выступіла старшыня апякунскага савета музея Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая. Адзначыўшы, што Віцебск – неад'емная частка асобы Шагала, Людміла Уладзіміраўна расказала пра асаблівасці «шагалаўскага Віцебска», гарадскі пейзаж мастака. На слайдах электроннай прэзентацыі слухачы курсаў убачылі горад, якім яго малявалі да Шагала Ю. Пешка, М. Орда, Д. Струкаў, І. Трутнеў. Асобная ўвага была ўдзелена М. Дабужынскаму – першаму настаўніку Марка Шагала ў Пецярбурзе, Ю. Пэну – першаму настаўніку Шагала ў Віцебску; Віцебску на малюнках вучняў Пэна – Яфіма Мініна, Саламона Юдовіна, Льва Зевіна, Эля Лісіцкага, Лейбы Шульмана.
Другая частка лекцыі была прысвечана тэме памяці Марка Шагала ў Віцебску. Людміла Хмяльніцкая расказала пра лёс сям'і мастака, адносіны да Шагала ў савецкі час, пра вяртанне імя Марка Шагала на радзіму.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «В Контакте».


































