
Прэзентацыя кнігі Франца Сіўко «Штрыхкоды»
- Details
- Створана 24.10.2017 11:13
19 кастрычніка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі беларускага празаіка, эсэіста, публіцыста Франца Сіўко «Штрыхкоды». Адзінаццатая кніга празаіка, лаўрэата літаратурных прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і «Гліняны Вялес», – гэта зборнік эсэ, у які ўвайшлі як друкаваныя раней, так і новыя творы. Менавіта зборнік, а не проста кніга, бо жанрава ўключае ў сябе творы аднаго накірунку.
Адметнасць густоўна аформленага выдання – россып філасофскіх развагаў у спалучэнні з апісаннем рэальных падзей і асоб. Упершыню ў сваёй практыцы аўтар змясціў на старонках кнігі фотаздымкі сваіх родных мясцін і блізкіх яму людзей.
Паводле словаў самога пісьменніка, назва кнігі абумоўленая яго асабістым падыходам да манеры пісьма ў такім своеасаблівым жанры, як эсэ. Слова для яго – матэрыял, з якім ён падчас працы абыходзіцца і даволі вольна, і разам з тым – паважліва.
Падчас прэзентацыі Франц Іванавіч падзяліўся сваімі разважаннямі пра надзённыя праявы рэчаіснасці, распавёў пра акалічнасці працы над кнігаю.
З выхадам у свет новай кнігі Франца Сіўко павіншавала старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасія Лазебная.
Прэзентацыя прайшла ў сяброўскай, прыязнай атмасферы, пра што яскрава сведчылі зацікаўленыя пытанні прысутных і колькасць чытачоў, што пажадалі мець кнігу з аўтографам аўтара.


































