
Творчая сустрэча з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Ліхачовай
- Details
- Створана 26.10.2017 08:58
Таццяна Уладзіміраўна Ліхачова працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа з 1972 года. Прафесіяналізм, выдатная сцэнічная культура, працавітасць, талент дазволілі актрысе заняць вядучае становішча ў коласаўскай трупе.
У 1998 годзе Таццяна Ліхачова стала лаўрэатам гарадской прэміі «Сузор'е муз» у намінацыі «Тэатральнае мастацтва». За высокае выканальніцкае майстэрства пры стварэнні вобразаў сучаснікаў і класічных персанажаў, актыўную прапаганду беларускага тэатральнага мастацтва ў 2001 годзе артыстка ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь». Таццяна Уладзіміраўна з'яўляецца старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Акрамя работы ў тэатры Таццяна Уладзіміраўна выкладае ў філіяле подыум-школы мадэльнага агенцтва «Студыя моды Сяргея Нагорнага» ў г. Віцебску, піша апавяданні і вершы.
23 кастрычніка ў аддзеле літаратуры па мастацтве адбылася творчая сустрэча «Скарбонка маёй душы» з актрысай, вядучым майстрам сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Ліхачовай. Удзел у мерапрыемстве прынялі сябры і калегі актрысы, прыхільнікі таленту. Лірычныя, характарныя, трагічныя і камічныя ролі былі прадстаўлены ва ўрыўках спектакляў з удзелам актрысы. Вечар падрыхтаваны сумесна з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Я. Коласа.


































