
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск – горад на Дзвіне»
- Details
- Створана 16.11.2017 11:04
9 лістапада ў бібліятэцы адбыліся чарговыя заняткі бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Тэма заняткаў: «Віцебск – горад на Дзвіне».
Лектарамі выступілі галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак і вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Святлана Мясаедава.
Слухачы курсаў даведаліся пра гістарычнае значэнне ракі, як фарміравалася Заходняя Дзвіна, хто займаўся яе вывучэннем. Дзяніс Юрчак расказаў пра даследчы праект «Дзвіна Сапунова», рэалізаваны ім не так даўно разам з кандыдатам гістарычных навук Анатолем Дулавым. Былі даследаваны дзвінскія парогі, апісаныя Аляксеем Сапуновым у кнізе «Река Западная Двина», выдадзенай у Віцебску ў 1893 годзе.
Лодкі-даўбёнкі, ладдзі – правобразы дракараў, стругі, шкуны, чаўны і лайбы – усе гэтыя рачныя судны некалі хадзілі па Дзвіне. Пра рэгулярнае суднаходства на рацэ, пасажырскія перавозкі пачатку XX стагоддзя і нават рачную катастрофу расказала прысутным Святлана Мясаедава.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «В Контакте».


































