
Літаратурна-музычная вечарына «Калядны вечар, святы вечар…»
- Details
- Створана 12.12.2017 08:46
23 снежня ў бібліятэцы адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына «Калядны вечар, Святы Вечар...».
Другі год запар у гэтыя зімовыя дні ў бібліятэцы адбываецца свята, прысвечанае Раству Хрыстову, якое аб'ядноўвае вернікаў розных канфесій, усіх добрых людзей. Адначасова гэта і свята роднага слова, бо падчас яго гучаць вершы, проза, песні на хрысціянскую тэматыку на беларускай мове як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных аўтараў. Гэта падкрэсліў і вядучы вечара, празаік Франц Сіўко.
Вечарына пачалася вершам Казіміра Сваяка ў цудоўным выкананні Уладзіслава Каржанеўскага. Прысутных уразіла майстэрскае дэкламаванне апавядання Якуба Коласа «Куцця» інжынерам Міколам Клімавым. Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова прачытала верш Леанарда Коэна «Як жадаеш Ты...» у перакладзе Андрэя Хадановіча. Паэты Алесь Замкоўскі і Алена Гінько пазнаёмілі прысутных з уласнымі творамі. Усіх удзельнікаў вечара зачаравалі ўзнёслыя спевы вакальнай групы дыяцэзіяльнага хору «Гасанна».
Асаблівую ўрачыстасць вечарыне надала прысутнасць на ёй Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і канцлера дыяцэзіяльнай курыі ксяндза Віктара Місевіча. Са словамі віншаванняў выступілі канцлер Віктар Місевіч і намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі Вольга Камендантава.
У завяршэнне святочнай дзеі ўдзельнікаў імпрэзы павіншаваў з надыходзячым святам Раства Хрыстова Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, а пасля пад уласны акампанемент выканаў песню «Анёл».
Вечар прайшоў у цёплай атмасферы дабрыні, шчырасці, цудоўнага святочнага настрою.


































