
Літаратурная-музычная імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы
- Details
- Створана 23.02.2018 10:30
21 лютага ва ўсіх краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У Віцебскай абласной бібліятэцы ў гэты дзень адбыліся традыцыйная літаратурна-музычная імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы і агульная дыктоўка.
Святочную імпрэзу адкрыў сваім выступленнем фальклорны калектыў педагагічнага факультэта ВДУ «Вясёлка» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры музыкі, кандыдата педагагічных навук Юліяны Сусед-Вілічынскай. Вядучая вечарыны – загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова нагадала прысутным гісторыю абвяшчэння на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1999 годзе свята роднай мовы. Са словамі пра стан беларускай мовы і вершамі пра родную мову, пра Беларусь выступілі паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч, загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра «Лялька» паэтэса Людміла Сіманёнак, загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа паэт Алесь Замкоўскі. Уласныя вершы прачыталі студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Радзіхоўская і Марк Цыганкоў. Выступленне выкладчыка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Марыны Жук было прысвечана тэрміналагічным магчымасцям беларускай мовы, новым перспектыўным праектам, што ствараюць маладыя жыхары Беларусі, якія робяць нашу краіну вядомай ва ўсім свеце.
Гасцямі імпрэзы сталі стваральнік народнага музея «Гісторыя Заронаўскага краю», краязнаўца Людміла Нікіціна і яе выхаванцы – юныя экскурсаводы музея Лізавета Семенчукова, Саша Раманькова, Саша Дзмітрыеў і Мікіта Шыбека, якія правялі для прысутных віртуальную экскурсію па музеі і цудоўна дэкламавалі вершы на беларускай мове .
Пасля літаратурна-музычнай часткі ўдзельнікам вечарыны было прапанавана далучыцца да напісання агульнай дыктоўкі, якую прадыктаваў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Юрый Бабіч. Кожны ўдзельнік дыктоўкі змог сам праверыць уласную пісьменнасць.
У гэты дзень адбылося сапраўднае свята беларускай мовы, якое аб'яднала разам вучняў, студэнтаў і выкладчыкаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і грамадскіх арганізацый, паэтаў і пісьменнікаў, людзей, неабыякавых да лёсу роднай мовы.


































