
Цыкл «Краязнаўчыя сустрэчы». Ларыса Бруева «Па машэраўскіх мясцінах Беларусі…»
- Details
- Створана 20.02.2018 10:06
27 лютага ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася сустрэча з кіраўніком Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання «ПОШУК» (на базе ўстановы культуры «Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова») Ларысай Бруевай «Па машэраўскіх мясцінах Беларусі...».
У 2018 годзе ўся краіна адзначае 100-годдзе з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, кіраўніка БССР, ураджэнца Віцебшчыны Пятра Міронавіча Машэрава. У гэтым жа годзе спаўняецца 80 год з часу першага агітперахода па маршруце Віцебск – Орша – Магілё ў– Мінск, які здзейснілі студэнты Віцебскага педагагічнага інстытута па месцах баёў 27-й Омскай Чырванасцяжнай дывізіі. У ліку ўдзельнікаў агітперахода ў 1938 годзе быў студэнт Пётр Машэраў. Удзельнікі клуба «Шукальнік» ПТВ № 96 узнавілі агітпераходы і ў 1972, 1978 гадах сустракаліся з Пятром Міронавічам Машэравым. Пра аднаўленне традыцыі агітпераходаў, сустрэчы з Пятром Машэравым расказала прысутнай на мерапрыемстве моладзі Ларыса Бруева.
Ларыса Навумаўна – член камісіі Віцебскага абласнога савета ветэранаў па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, член Каардынацыйнага Савета Міжнароднай асацыяцыі грамадскіх пошукавых аб'яднанняў «Народная памяць аб абаронцах Айчыны». Шмат часу яна аддае ўстанаўленню імёнаў загінуўшых абаронцаў Айчыны. У 2009 годзе выдала кнігу «Пакуль не пахаваны апошні загінуўшы салдат...», якая з'яўляецца летапісам пошукавага руху ў Віцебскай вобласці. У цяперашні час працягваецца работа па састаўленні картатэкі па спісах воінаў 30-ці дывізій, якія вызвалялі Віцебскую вобласць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Тысячы воінаў загінулі ў баях за Віцебшчыну, і да нашага часу імёны і месцы пахавання многіх з іх невядомы. Ларыса Бруева расказвала пра асаблівасці пошукавай работы, паплечнікаў-энтузіястаў, якія вяртаюць з небыцця салдат даўно мінулай вайны. За доўгія гады пошукавай дзейнасці членамі ГА БРА «ПОШУК» падняты і перазахаваны астанкі амаль 6 тысяч воінаў, устаноўлены і пераданы ў кнігі «Памяць» каля 18 тысяч прозвішчаў загінуўшых абаронцаў Радзімы. Тэма сустрэчы зацікавіла прысутную на мерапрыемстве моладзь, якая з вялікай увагай слухала выступленне кіраўніка цэнтра «ПОШУК» Ларысы Бруевай.


































