
Творчы вечар паэта-гумарыста Міхася Мірановіча
- Details
- Створана 10.04.2018 11:10
5 красавіка ў бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына лаўрэата літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы Міхася Мірановіча «Жартачкі», прымеркаваная да 70-гадовага юбілея паэта-гумарыста.
У жанры сатыры паэт выступае з 1972 года. Найбольш вядомыя яго вершаваныя гумарыстычныя карацелькі-фрашкі. У 2002 годзе была выдадзена першая кніга паэта «Міранізмы». З таго часу ў Міхася Мірановіча з'явілася шмат гумарыстычных зборнікаў. У 2010–2015 гадах выйшаў трохтомнік сатырыка «Жартачкі». Паэт-гумарыст з'яўляецца аўтарам шматлікіх літаратурных пародый, а таксама перакладчыкам з рускай, польскай і ўкраінскай моў.
На пачатку вечарыны з юбілеем паэта павіншавала старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Настасся Лазебная. Да віншаванняў далучыліся таксама захавальнік народнага музея гісторыі Заронаўскага краю Людміла Нікіціна, паэтэса Вольга Русілка, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Франц Сіўко, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа Міхаіл Краснабаеў, загадчык трупы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа Святлана Дашкевіч.
На творчай вечарыне гучала шмат гумарыстычных твораў, якія даўно палюбіліся прыхільнікам творчасці паэта-сатырыка.


































