
Творчы вечар паэтэсы Алены Гінько «Я думала душой…»
- Details
- Створана 16.05.2018 14:49
15 мая ў бібліятэцы адбыўся творчы вечар паэтэсы, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алены Гінько «Я думала душой». Алена Гінько – аўтар трох паэтычных зборнікаў. Працуе Алена Іванаўна выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, настаўнік вышэйшай катэгорыі.
Выступленні Алены Гінько на літаратурных вечарах заўсёды выклікаюць захапленне ў прысутных: настолькі па-майстэрску, вельмі прачулена гучаць у выкананні паэтэсы як уласныя вершы, так і вершы класікаў беларускай літаратуры. На творчым вечары прагучалі вершы пра прыроду, пра каханне, філасофская лірыка. Пад акампанемент музыкі Аляксандра Салавяна Алена Гінько праспявала некалькі песень на ўласныя вершы.
Вялікую праграму падрыхтавалі ў падарунак сваёй настаўніцы вучні гімназіі № 7 г. Віцебска, якія прадставілі ўвазе ўдзельнікаў вечара літаратурную кампазіцыю, вершы, танец і нават навуковую працу пра творчасць Алены Гінько. А Ліза Гонтар падаравала любімай настаўніцы свой малюнак. З творчым вечарам Алену Іванаўну павіншавала намеснік дырэктара гімназіі № 7 г. Віцебска па выхаваўчай рабоце Алеся Паўлава.
Прыемным сюрпрызам для Алены Гінько стала песня на яе верш «Успамін», музыку да якой напісаў кампазітар Віктар Шавякоў, у выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Сяргея Калодкіна.
На вечары выступілі старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасія Лазебная, паэтэсы Людміла Сіманёнак, Вольга Русілка, паэты Уладзімір Папковіч і Міхась Мірановіч.


































