
Прэзентацыя факсімільнага выдання першага «Буквара» (1618)
- Details
- Створана 28.12.2018 09:44
26 снежня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання першага «Буквара» (1618).
Прэзентаваў выданне намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кнігазнаўца Алесь Суша, які ўручыў экзэмпляр факсімільнага выдання дырэктару Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяне Адамян.
Выданне ўяўляе сабой трохтомнік, які складаецца з факсімільнага выдання, яго перакладу на сучасную беларускую мову і кнігі з навуковымі даследаваннямі, прысвечанымі буквару, на рускай, беларускай і англійскай мовах.
«Буквар» 1618 года – першая ў свеце кніга пад такой назвай. Яе фармат – невялікі, а дзве траціны выдання – тэксты для чытання духоўнага зместу і малітвы.
Да нашага часу захавалася два асобнікі «Буквара», выдадзенага ў 1618 годзе ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва Святога Духа ў Еўі на царкоўнаславянскай мове. Адзін з іх захоўваецца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі ў Капенгагене, другі – у лонданскай бібліятэцы Мідл Тэмпл. Менавіта з яго была зроблена лічбавая копія, якая легла ў аснову факсімільнага выдання, выпушчанага да 400-гадовага юбілею першага ў свеце буквара.
Факсімільнае выданне «Буквара» атрымалі таксама бібліятэкі Віцебска і раённых цэнтраў вобласці, установы адукацыі і музеі.


































