
Дзень бібліятэк Беларусі
- Details
- Створана 19.09.2018 13:54
13 і 15 верасня ў бібліятэцы прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня бібліятэк Беларусі. Ключавой падзеяй свята стала ўрачыстае тэатралізаванае адкрыццё аддзела дзіцячай літаратуры, які раней знаходзіўся ў іншым памяшканні, а з гэтага часу ён будзе працаваць у будынку абласной бібліятэкі. Аддзел укамплектаваны новымі сучаснымі стэлажамі, тэхнікай, мэбляй і найбагацейшым фондам кніг для дзяцей з самага ранняга ўзросту і падлеткаў.
Са святам бібліятэкараў і маленькіх чытачоў павіншаваў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі. Да віншаванняў далучыліся начальнік аддзела культуры гарвыканкама Наталля Шыянок, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава. Дырэктар абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян падкрэсліла знамянальнасць падзеі і падзякавала кіраўніцтву аблвыканкама за падтрымку і дапамогу ў перавозцы вялізнага фонду дзіцячых кніг. Упрыгожылі ўрачыстасць выступленні вакальных калектываў гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У абноўленым аддзеле адбыліся сустрэчы з пісьменнікам Сяргеем Трафімавым і пісьменніцай Святланай Дзядзінкінай. Бібліятэкары правялі для дзяцей экскурсію па кнігах з ілюстрацыямі Антона Ламаева, падарожжа «Партал у свет дзіцячых кніг». Працавала выстава-продаж дзіцячых кніг выдавецтва «Народная асвета».
Мастацтвазнаўца Аляксандр Лісаў выступіў з лекцыяй аб сучасных формах дзіцячай кнігі.
Педагогі гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі правялі майстар-класы па ДПМ, вядомы майстар-кераміст Людміла Кавальчук – па вырабе цацак з гліны.
І дарослыя, і дзеці з задавальненнем паглядзелі спектакль «Фенька і літара «Ты» полацкага юнацкага ўзорнага тэатра-студыі «Гармонія», і адпачылі на сямейным вечары «Шчасце быць разам», арганізаваным сумесна з Віцебскім абласным грамадскім аб'яднаннем праваслаўных жанчын.
На выставе-панараме новых паступленняў наведвальнікі маглі выбраць новыя цікавыя кнігі, праходзілі выставы рэдкіх выданняў, акцыя «Знайдзі сваю кнігу: чытач – чытачу», віктарыны, квэсты, гульні, відэапрэзентацыі. Таксама быў прадугледжаны цікавы вольны час і для людзей з асаблівасцямі развіцця: для іх былі арганізаваны выстава-дыялог «Як з'явілася кніга» і тэматычны час «Летні марафон кнігачэя».
У рамках свята таксама прайшло ўзнагароджанне пераможцаў унутрыбібліятэчнага конкурсу кніжных інсталяцый «Адкрываючы кнігу – адкрываем свет» і гарадскога конкурсу дзіцячага малюнка «Герой майго лета»


































