
Памяці віцебскага краязнаўцы: Алег Куржалаў (1953–2017)
- Details
- Створана 01.11.2018 11:07
Цикл «Краязнаўчыя сустрэчы»
30 кастрычніка ў Віцебскай абласной бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася вечарына, прысвечаная краязнаўцу, аднаму са стваральнікаў сучаснай сістэмы школьнага краязнаўства на Віцебшчыне Алегу Куржалаву.
Алег Куржалаў пайшоў з жыцця ў 2017 годзе, у кастрычніку гэтага года яму споўнілася б 65 гадоў. Некалькі дзесяцігоддзяў Алег Куржалаў быў добрым сябрам і актыўным чытачом абласной бібліятэкі. У гэты дзень ушанаваць памяць пра яго прыйшлі родныя, сябры, калегі, паплечнікі, аднадумцы.
Брат Алега Куржалава – мастак і дызайнер Ігар Куржалаў распавёў пра некаторыя са шматлікіх краязнаўчых праектаў. Пры актыўным удзеле Алега Куржалава ствараліся многія музеі Віцебшчыны, у тым ліку Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы і экспазіцыя школьнага музея ў в. Празарокі, прысвечаная Ігнату Буйніцкаму. Ігар Куржалаў узгадаў сумесную працу па даследаванні радаводу сям'і Куржалавых, дзіцячыя і юнацкія гады Алега Васільевіча, а таксама прачытаў замалёўку-ўспамін з дзяцінства. Пра дзяцінства Алега ўзгадаў і яго родны дзядзька Мікалай Куржалаў. Больш за 15 год працавала разам з Алегам Куржалавым Ларыса Бруева, якая расказала пра цікавую, насычаную падзеямі дзейнасць абласной станцыі юных турыстаў, а пазней і абласнога аб'яднання пазашкольнай работы, што адбывалася пры актыўным удзеле Алега Куржалава. Дзесяць год метадыстам у аддзеле беларусазнаўства і краязнаўства пад кіраўніцтвам Алега Куржалава працавала кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Беларускага тэатра «Лялька», паэтэса Людміла Сіманёнак. Людміла Іванаўна ўзгадала не толькі вялікую сумесную працу па стварэнні дапаможнікаў па краязнаўстве, але і тыя цяжкасці, што паўставалі на жыццёвым шляху Алега Куржалава. Гэтыя ж акалічнасці жыцця Алега Куржалава не абыйшоў у сваім выступленні і пісьменнік Франц Сіўко. Франц Іванавіч адзначыў, як важна заўсёды адстойваць сваю пазіцыю і пры любых абставінах заставацца Чалавекам, як гэта рабіў Алег Куржалаў.
Неабыякавасць і актыўная грамадзянская пазіцыя не дазвалялі Алегу Куржалаву заставацца ў баку ад тых падзей, што адбываліся побач з ім. Пра гэта ўзгадала і Святлана Казлова, якая шмат год узначальвала Літаратурны музей г. Віцебска. Алег Куржалаў валодаў цудоўным уменнем аб'ядноўваць вакол сябе людзей, аднадумцаў-краязнаўцаў. Пра гэта распавёў краязнаўца, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар. Вялікай заслугай Алега Куржалава стала дасканала распрацаваная сістэма школьнага краязнаўства і створаная ім сістэма пазітыўнай канкурэнцыі. Слушныя парады Алега Васільевіча, якіх вельмі не хапае зараз, узгадала захавальнік экспанатаў народнага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла Нікіціна. Шматдзённыя семінары для краязнаўцаў, паездкі па музеях вобласці і Беларусі, абмен вопытам і напрацоўкамі, сустрэчы са знакамітымі землякамі – за ўсе добрыя, цікавыя, карысныя справы краязнаўцы Віцебшчыны дасёння ўдзячныя Алегу Куржалаву.


































