
Сустрэча з Уладзімірам Папковічам «Вынікі года: вершы, пераклады».
- Details
- Створана 19.12.2018 10:09
Праект «Чалавек Слова»
17 снежня ў рамках праекта «Чалавек Слова» адбылася сустрэча з паэтам, перакладчыкам Уладзімірам Папковічам «Вынікі года: вершы, пераклады».
2018 год быў вельмі плённым для Уладзіміра Папковіча: выйшлі ў свет тры кнігі перакладаў з нямецкай мовы: «Савецкія партызаны ў 1941–1944 гг. Міфы і рэчаіснасць», «Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавіччына ў 1939–1944 гг.», Томас Ман «Смерць у Венецыі». Быў выдадзены паэтычны зборнік «Зазімак» і падрыхтаваны да друку зборнік «Начныя летуценні». Уладзімір Антонавіч расказаў пра сваю перакладчыцкую дзейнасць, узгадаў тыя часы, калі ён толькі вучыўся нямецкай мове, і калі выкладаў нямецкую мову ў ВДУ імя П. М. Машэрава.
Вялікую дапамогу паэту пры падрыхтоўцы да выдання яго паэтычных зборнікаў аказвала Ірына Саматой. Расказаўшы пра адметнасці творчага стылю Уладзіміра Папковіча, Ірына Вацлаваўна прачытала вершы, якія ўвайшлі ў зборнік «Начныя летуценні».
Новых кніг і творчага плёну пісьменніку пажадалі старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасія Лазебная, пісьменнік Вальдэмар Калінін, бібліятэкар Таццяна Пацалуёнак.


































