
Літаратурна-музычная вечарына да Міжнароднага дня роднай мовы
- Details
- Створана 11.02.2019 09:44
21 лютага многія краіны свету адзначюць Міжнародны дзень роднай мовы. У Віцебскай абласной бібліятэцы ў гэты дзень адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына да Міжнароднага дня роднай мовы і агульная дыктоўка.
Вядучая вечарыны – загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова расказала ўдзельнікам мерапрыемства пра гісторыю гэтага свята і прачытала вершы Уладзіміра Папковіча і Анатоля Канапелькі. Са словам пра стан беларускай мовы і яе падтрымку выступіла старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасія Лазебная. Вершы пра родную мову прачыталі загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра «Лялька», паэтэса Людміла Сіманёнак і паэт Міхась Мірановіч. Вершы беларускіх паэтаў прагучалі ў выкананні студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Анастасіі Марозавай, Елізаветы Сямчонак і Наталлі Ермаковай. Святочную вечарыну аздобілі сваімі яскравымі выступленнямі фальклорны калектыў педагагічнага факультэта ВДУ «Вясёлка» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры музыкі, кандыдата педагагічных навук Юліяны Сусед-Вілічынскай і паэтэсы Галіны Сіняковай з песняй «Я люблю Беларусь».
Агульную дыктоўку правёў кандыдат філалагічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Юрый Бабіч. Для агульнага напісання быў абраны ўрывак з эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць – гэта...», якое перакладзена больш чым на дваццаць моў свету.


































