
Прэзентацыя кнігі і адкрытая лекцыя Рамана Матульскага
- Details
- Створана 21.03.2019 09:44
20 сакавіка ў актавай зале бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі доктара педагагічных навук, прафесара, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага «Библиотеки Беларуси. Из прошлого в будущее. 1917–1991».
У выданні прыведзены вынікі даследавання, прысвечаныя развіццю бібліятэчнай і выдавецкай справы ў БССР. Аналіз стану і асаблівасцяў развіцця бібліятэк Беларусі разглядаецца аўтарам на падставе дакументальных і статыстычных дадзеных, а таксама ў цеснай сувязі з культурна-гістарычным развіццём Беларусі. У навуковы зварот па дадзенай тэме ўпершыню ўведзены вялікі аб'ём архіўных дакументаў.
У рамках прэзентацыі прайшла адкрытая лекцыя «Тэндэнцыі і асаблівасці развіцця кніжнай культуры Беларусі ў XI–XX ст. у кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі», падчас якой Раман Матульскі расказаў слухачам пра ўмовы фарміравання беларускай кніжнай культуры, асвятліў малавядомыя старонкі ў яе гісторыі.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты Віцебскай абласной бібліятэкі, сетак публічных бібліятэк Міністэрства культуры і ўніверсітэцкіх бібліятэк Віцебска і Віцебскага рэгіёна.
Бібліятэкам вобласці ў рамках дабрачыннай акцыі «Чытанне – прастора інфармацыі і ведаў» Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі перададзена ў дар больш за 950 асобнікаў літаратуры.


































