
Прэзентацыя шостага выпуску альманаха «Віцебскі сшытак»
- Details
- Створана 16.09.2019 11:20
12 верасня ў бібліятэцы ў рамках праекта «Па старонках "Віцебскіх сшыткаў" з Людмілай Хмяльніцкай» адбылася прэзентацыя шостага выпуску гістарычнага навукова-папулярнага альманаха «Віцебскі сшытак». З гэтай падзеяй прысутных павіншаваў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак. Рэдактар альманаха Людміла Хмяльніцкая расказала пра асаблівасці выдання, рубрыкі і аўтараў альманаха.
У альманаху змешчаны матэрыял кандыдата гістарычных навук Максіма Макарава пра «Кнігу прывілеяў Віцебска» і «Летапіс Панцырнага і Аверкі». На прэзентацыі выступіла маці Максіма Ганна Бебрына, якая раней таксама друкавалася ў альманаху. Ужо традыцыйнай у «Віцебскім сшытку» стала рубрыка «Latgale», дзе друкуюцца матэрыялы па гісторыі Латгаліі, якая ў 1802–1918 гг. уваходзіла ў склад Віцебскай губерні. У раздзеле змешчаны матэрыял Алеся Сушы і Байбы Іване-Кройнберга «Белорусские корни латгальского букваря», а таксама артыкулы Людмілы Хмяльніцкай і Аляксандра Невара. Выступленне Фёдара Шкіранды было прысвечана калектыўнаму літаратурна-кразнаўчаму зборніку «З ваколіц Дзвіны», выдадзенаму ў Віцебску ў 1912 годзе. Гэты альманах змяшчаў матэрыялы аўтараў, якія нарадзіліся або жылі на тэрыторыі Віцебскай губерні і пісалі на польскай мове.
У раздзеле «Pro memoria» размешчаны артыкулы гісторыка архітэктуры, аўтара мноства матэрыялаў па архітэктуры Віцебска Юрыя Якімовіча. Людміла Хмяльніцкая прадставіла ўвазе прысутных новую кнігу Юрыя Якімовіча «Сілуэты старога Віцебска». Юрый Аляксандравіч падрыхтаваў кнігу ў апошні год свайго жыцця, гэта абагульняючая праца пра гістарычна-архітэктурныя помнікі Віцебска. Сваімі ўспамінамі пра даследчыка падзяліліся мастак Іван Хіцько, былы дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Ніна Сулецкая, кіраўнік клуба «Узгор'е» Ігар Цішкін, мастацтвазнаўцы Людміла Вакар і Міхась Цыбульскі.
Кніга Юрыя Якімовіча і шосты выпуск альманаха «Віцебскі сшытак» у хуткім часе з'явяцца ў фондзе бібліятэкі.
Электронны варыянт шостага выпуску альманаха «Віцебскі сшытак» даступны на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі.


































