
Фотавыстава «Мой родны кут» Выдавецкага дома «Беларусь сёння»
- Details
- Створана 03.10.2019 15:51
2 кастрычніка ў бібліятэцы адкрылася перасовачная фотавыстава «Мой родны кут» Выдавецкага дома «Беларусь сёння». У экспазіцыі прадстаўлены работы пераможцаў, а таксама здымкі ўдзельнікаў аднайменнага фотаконкурсу, абвешчанага ў 2018 годзе «СБ» і прысвечанага Году малой радзімы.
З трох тысяч здымкаў па выніках галасавання на сайце sb.by было адабрана 150 фатаграфій у намінацыях «Землякі» і «Мая малая радзіма». У яркіх непаўторных кадрах Беларусь прадстаўлена такой, якой яе ўбачылі аўтары – прафесійныя фотамастакі і аматары.
Прадставіла выставу кіраўнік карэспандэнцкага пункта Выдавецкага дома «Беларусь сёння» па Віцебскай вобласці Вольга Кручанкова. У мерапрыемстве прынялі ўдзел галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Святлана Дзядзінкіна, чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі, навучэнцы УА «Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж». Пранікнёна і шчыра прагучала паэтычнае «Прызнанне ў любові» гораду Віцебску ў выкананні ўдзельніка конкурсу Людмілы Гатоўкі.
У абласной бібліятэцы фотавыстава экспануецца да 10 кастрычніка, затым яе ўбачаць жыхары Наваполацка і Оршы. Усе жадаючыя маюць магчымасць прыняць удзел у фотаконкурсе «Мой родны кут», які працягваецца ў 2019 годзе.


































