
Творчая сустрэча з празаікам Францам Сіўко
- Details
- Створана 11.11.2019 10:34
5 лістапада ў бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з празаікам Францам Сіўко.
«Тры вярсты» – эсэ з такою назваю вызначыла лейтматыў літаратурнай імпрэзы. Гэты твор віцебскага празаіка Франца Сіўко запланаваны да друку напрыканцы года, прысвечаны ён узаемаадносінам у сям'і Льва Талстога. У прыватнасці, сітуацыі, што ўзнікла ў стасунках пісьменніка з жонкаю і сынамі ў сувязі з адмоваю галавы сям'і ад права на прыбытак ад друкавання ўласных твораў.
Вопытны прамоўца, якому і эрудыцыі не займаць (нездарма ён адзін з самых актыўных карыстальнікаў бібліятэчных фондаў), Франц Сіўко і гэтым разам выбудаваў размову са слухачамі так, што час прамільгнуў, як адна хвіліна. Што для яго як для няўрымслівага вандроўніка, што вось ужо каторы год ладзіць сам сабе працяглыя блізкія і не вельмі блізкія вандроўкі па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю знакамітых літаратараў, ды яшчэ з такою колькасцю назапашанага падчас тых вандровак фотаматэрыялу, было нескладана.
Традыцыі ў адлюстраванні тэмы бацькоў і дзяцей у класічных творах літаратур свету, трансфармацыя і эвалюцыя (ці, наадварот, іх адсутнасць) поглядаў асобы на дадзеную тэму пад уздзеяннем соцыуму, феномен бацькоўскіх пачуццяў як прылады знешняга ціску на творцу або падставы для самацэнзуры – такія абрысы і адгалінаванні набыла цягам сустрэчы заяўленая на пачатку тэма. Глыбокае пранікненне ў якую ў сукупнасці з уменнем выступоўцы падаць матэрыял даходліва і з належным густам зрабілі імпрэзу адметнай і запамінальнай.


































