
Творчы вечар Настассі Лазебнай «У завірусе містыкі і кахання»
- Details
- Створана 15.01.2020 11:15
14 студзеня ў бібліятэцы адбыўся творчы вечар Стасі Наркевіч (Настассі Лазебнай) «У завірусе містыкі і кахання», падчас якога была прэзентавана кніга «Прывідаў пярсцёнак» і наладжана мастацкая выстава аўтарскіх ілюстрацый да кнігі.
Прывітаўшы гасцей ля мастацкай выставы, Настасся Лазебная крыху пазнаёміла іх з містычнымі вобразамі, якія сустракаюцца на старонках кнігі ці паўплывалі на развіццё сюжэту аповесці «Прывідаў пярсцёнак».
Вечарына працягнулася ў актавай зале, дзе зноў гучала тэма містыкі і чараўніцтва. Па прапанове аўтара госці сустрэчы выцягвалі з кубышкі скрутачкі з пажаданнямі таямнічай варажбіткі і з тэкстамі з твораў Стасі Наркевіч; прачытаўшы ўрыўкі з твораў, атрымлівалі падарункі. Настасся Пятроўна расказвала цікавыя выпадкі са свайго дзяцінства, з журналісцкай працы. Усіх зацікавіла гісторыя з'яўлення новай кнігі аўтара з таямнічым сюжэтам. Артыст Беларускага тэатра «Лялька» Юрый Франкоў прачытаў урывак з аповесці «Прывідаў пярсцёнак», а артыстка тэатра Наталля Гайдук – замалёўку «Дзівак з вакзала».
Сваімі ўражаннямі ад творчасці Стасі Наркевіч падзяліліся літаратуразнаўца Ірына Саматой і пісьменнік Міхась Конан. Прагучалі вершы-прысвячэнні Стасі Наркевіч, напісаныя Людмілай Сіманёнак і Уладзімірам Папковічам.
У чароўны вечар, калі святкуецца Стары Новы год або Шчадрэц, а па дамах ходзяць калядоўшчыкі, Настасся Лазебная падарыла ўсім сапраўднае свята дабра, любові і чараўніцтва.


































