
Прэзентацыя серыі кніг «Энцыклапедыя рарытэтаў» і фотаальбома «Полацк. 1150»
- Details
- Створана 12.07.2012 13:53
11 ліпеня ў чытальнай зале бібліятэкі Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прадставіла знакавы выдавецкі праект – серыю альбомаў «Энцыклапедыя рарытэтаў», якая з'яўляецца арыгінальным праектам выдавецтва, а таксама фотаальбом «Полацк. 1150». Серыя ўнікальных выданняў адкрывае забытыя помнікі гісторыі і культуры, спрыяе адраджэнню нацыянальных традыцый, прызвана стаць правадніком паміж эпохамі і пакаленнямі.
Першая кніга серыі – факсімільнае выданне «Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII-XIX стагоддзяў» – удастоена прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» 2010 года, стала ўладальніцай Гран-пры VIII Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кніг» і дзяржаў-удзельніц СНД.
Працягвае серыю альбомаў «Энцыклапедыя рарытэтаў» выданне «Д. Струкаў. Альбом малюнкаў. 1864–1867», якое выйшла ў свет у 2011 годзе і стала ўладальнікам Гран-пры ў намінацыі «Трыумф» LI Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012», а таксама атрымала Гран-пры IX Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў-удзельніц СНД.
Трэці альбом з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» – фотаальбом «Жывая вера. Ветка», які выйшаў у 2012 годзе і стаў уладальнікам дыплома I ступені ў намінацыі «Садружнасць» на IX Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі» дзяржаў-удзельніц СНД.
Кніга-фотаальбом «Полацк. 1150» прысвечана Полацку – старажытнай калысцы беларускай дзяржаўнасці, гораду, народу, які паклаў пачатак гісторыі Беларусі. Яна асвятляе ўсю шматвяковую гісторыю Полацка і Полацкай зямлі. Выданне ўключае картаграфічныя і гістарычныя матэрыялы, больш за 1000 чорна-белых і каляровых фатаграфій.
З дзейнасцю выдавецтва прысутных азнаёмілі дырэктар Т. У. Бялова, намеснік дырэктара К. С. Аксёнава, галоўны рэдактар Л. У. Языковіч, загадчык рэдакцыі дзіцячай літаратуры С. І. Молчан, загадчык рэдакцыі прыродазнаўчых і дакладных навук Т. І. Жукоўская, вядучы навуковы рэдактар рэдакцыі літаратуры і мастацтва В. Д. Бажэнава, а таксама загадчык рэдакцыі літаратуры і мастацтва Т. Ф. Рослік. Удзел у прэзентацыі прынялі начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Л. К. Аленская, першы намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама С. Р. Куксаў, начальнік камерцыйнага аддзела Віцебскага філіяла РУП "Белтэлекам" Д. Маладцоў.
У праграму мерапрыемства ўвайшлі выступленні калектываў Віцебскай абласной філармоніі: актэта балалаек «Віцебскія віртуозы» пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Беларусі Т. Шафранавай, струннага квартэта. У выкананні салісткі філармоніі Аксаны Новікавай прагучала малітва «Ave Maria».




























































