
Юбілейны вечар Давіда Сімановіча «Аўтапартрэт на беразе часу»
- Details
- Створана 30.06.2012 08:34
Цыклам літаратурных вечароў сустракае віцебскі паэт Давід Сімановіч свой 80-гадовы юбілей. Першая творчая сустрэча адбылася ў студзені ў музычнай гасцінай Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, а 23 чэрвеня, напярэдадні юбілею паэта, у аддзеле літаратуры па мастацтве Віцебскай абласной бібліятэкі адбыўся вечар паэзіі “Аўтапартрэт на беразе часу”.
Эпіграфам да сустрэчы сталі паэтычныя радкі:
Поэзия вопросы задавала
о мире и войне, добре и зле.
Поэзия ответов не давала,
но если в чьи-то души западала,
то значит оставалась на земле.
“Аўтапартрэт на беразе часу” – так называецца адна з новых кніг Д. Сімановіча, выдадзеных да юбілейнай даты, у якую ўвайшлі вершы розных гадоў. Гэта расказ пра жыццё паэта, якое пачынаецца з Нароўлі, што на Гомельшчыне, потым Мінска і гадах яго вучобы ва ўніверсітэце, Крынак, у Лёзненскім раёне, куды трапіў па размеркаванні і выкладаў у школе, затым – Віцебска, які стаў родным домам. “Я живу в древнем и всегда молодом Витебске. Здесь тесно переплетаются дороги прошлого и настоящего. И судьбы многих известных людей связаны с тысячелетним городом на Западной Двине, с моим родным краем”, – так піша Д. Сімановіч ва ўводзінах да сваёй кнігі “Сквозь даль времен” (1984). І многія з яго вершаў, якія былі, і, несумненна, яшчэ будуць напісаны, прысвечаны любімаму гораду.
Я – из Витебска, где под небом
белорусским работал Репин,
и сияет, как добрый след,
его жизни "Осенний букет".
Я – из Витебска, где сквозь тлен
старый Пэн берет меня в плен,
хоть холодных ветров торжество
над забытой могилой его.
Я – из Витебска, где Шагал
прямо с Замковой в небо взлетал,
зацепился за облака –
и остался тут на века.
Творчы вечар Д. Сімановіча, які адбыўся ў бібліятэцы, стаў сапраўдным аншлагам. І гэта не дзіўна, паколькі многія з гараджан калі асабіста не знаёмыя з аўтарам, то пэўна ведаюць пра гэтага дабрадушнага чалавека, перапоўненага стваральнай энергіяй. І па праву можна сказаць, што сёння дастаткова складана ўявіць сабе культурнае і грамадскае жыццё горада без паэта і паэта без любімага горада. “Давід фактычна вярнуў гораду Шагала... Не без удзелу Сімановіча сёння на будынку мастацкага вучылішча, дзе вучыўся Васіль Быкаў, адкрыты барэльеф... Сімановіч – старшыня Пушкінскага і Шагалаўскага камітэтаў, арганізатар і кіраўнік Дзён літаратуры, прысвечаных Уладзіміру Караткевічу, а яшчэ аўтар 33 кніг ад «Падарожнай Аляксандра Пушкіна» да зборніка выбранага «Аўтапартрэт на беразе часу»”, – адзначае аўтар адной з публікацый пра паэта Л. Рублеўская.
Павіншаваць юбіляра і адзначыць яго ўклад у развіццё сацыякультурнага жыцця горада ў гэты дзень прыйшлі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта П. Падгурскі, начальнік аддзела культуры Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Н. Шыянок.
На сустрэчы быў паказаны відэафільм з архіўнымі матэрыяламі аб удзеле Д. Сімановіча ў найбольш значных культурных праектах горада. І сам аўтар, і яго госці звярталіся да твораў і дзённікавых запісаў паэта розных гадоў. Гучалі песні на вершы героя вечара ў выкананні акцёраў Коласаўскага тэатра Н. Аладкі і С. Жукоўскай, лаўрэата гарадскога фестывалю бардаўскай песні “Віцебскі лістапад” А. Шыпікава, а таксама творчых дуэтаў Т. Кулаковай і Н. Несцярэнкі, Л. Маранава і У. Шэвякова.
65 год Д. Сімановіч у творчасці. Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг паэзіі і прозы. І кожная з бібліятэк горада, можна з упэўненасцю пра гэта сказаць, ужо даўно стала яго другім домам. Ганаровым чытачом Д. Сімановіч з’яўляецца ў абласной бібліятэцы, з якой яго звязваюць даўнія і крэпкія адносіны. Да юбілейнай даты аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі падрыхтаваў і ў межах мерапрыемства прэзентаваў бібліяграфічны паказальнік, прысвечаны творчаму шляху паэта.
І як адзначыў на сустрэчы старшыня мастацка-эстэтычнага салона “ОЛИ-Art” У. Джарыяні (а мы з ім поўнасцю згодны): “Віцебску пашанцавала – у яго ёсць свой паэт. І пашанцавала нам – мы ўсе з ім жывём у адным часе”.


































