
Юбілейная выстава жывапісу Віктара Сарокіна “Віцебску прысвячаецца”
- Details
- Створана 27.06.2012 10:34

23 чэрвеня ў фае бібліятэкі адкрылася юбілейная выстава жывапісу мастака, педагога, члена Саюза дызайнераў Беларусі Віктара Антонавіча Сарокіна. Дата адкрыцця выставы не выпадковая. Яна супала са святам – Днём горада і названа аўтарам “Віцебску прысвячаецца”.

В. А. Сарокін удзельнік гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Працуе ў станковым жывапісе. Нарадзіўся ў 1932 годзе ў г. Віцебску. У 1956 годзе скончыў Віцебскае мастацка-графічнае вучылішча. У 1966 годзе – мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў В. К. Дзежыца, І. М. Сталярова, Р. П. Клікушына, В. Р. Шаталава, А. Ф. Кавалёва, В. І. Ральцэвіча. З 1989 года дацэнт кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Да тэмы “любімы горад Віцебск” мастак звяртаецца з асаблівай павагай і пастаянствам. Гораду на Дзвіне, яго старажытным вуліцам, помнікам архітэктуры прысвечаны цыкл работ “Любоў мая – Віцебск”. А гэта ні многа ні мала – звыш 100 работ. На выставе прадстаўлена толькі невялікая іх частка, 23 карціны. Усе, хто прыйшоў на яе адкрыццё, мастацтвазнаўцы і мастакі, педагогі і паэты, бібліятэчныя супрацоўнікі і проста аматары мастацтва, усе адзначылі, з якой любоўю і пачуццём гордасці за сваю малую радзіму выкананы гэтыя работы. І сапраўды Віктара Антонавіча можна назваць патрыётам свайго горада.


































