
Адкрыццё выставы Таццяны Макляцовай «Нечаканае»
- Details
- Створана 22.05.2020 12:27
21 мая ў бібліятэцы адкрылася выстава работ «Нечаканае» дацэнта кафедры дызайну і моды УА «ВДТУ» Таццяны Ігараўны Макляцовай.
У экспазіцыю ўвайшлі 12 калажаў, якія створаны ў розныя гады і прадстаўляюць розныя праекты. Усе яны дэманструюць адкрытасць колеру, характарызуюць эмоцыю аўтара, звернутую да гледача.
Таццяна Макляцова нарадзілася 20 лютага 1966 года ў г. Крамянчуг Палтаўскай вобласці (Украіна). У 1985 годзе скончыла Днепрапятроўскае мастацкае вучылішча імя Я. У. Вучэціча, працавала на савецка-італьянскім трыкатажным прадпрыемстве мастаком па друку. У 1994 годзе з адзнакай скончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці.
З 1993 года Таццяна Ігараўна вядзе актыўную творчую дзейнасць, удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставачных праектах: «Abstract», «Глейна», «Пантон», «Пастулат» і інш. Работы мастака ў тэхніцы акварэлі і калажа былі набыты для афармлення інтэр'ера мэрыі горада Вільдау (Германія).
У 2019 годзе Святлане Баранкоўскай і Таццяне Макляцовай за інсталяцыю «Белы шум» прысуджаны Гран-пры IV Беларускай трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
З 1997 года Таццяна Макляцова з'яўляецца членам Беларускага саюза дызайнераў, з канца 2019 – старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў».


































