
Выстава аднаго часопіса: часопіс «Алеся»
- Details
- Створана 13.08.2020 15:51
У аддзеле перыядычных выданняў дзейнічае выстава «"Алеся": журнал для жанчын і пра жанчын Беларусі».
Гэта адзіны ў Беларусі дзяржаўны грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс для жанчын. Заснавальнікі часопіса – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і ГА «Беларускі саюз жанчын». Першы нумар, які называўся «Беларуская работнiца i сялянка», выйшаў у лістападзе 1924 года і хутка стаў папулярным сярод беларускіх жанчын.
Часопіс некалькі разоў пераймяноўваўся: з 1931 па 1941 год ён назывўся «Работнiца i калгаснiца Беларусi», з 1946 – «Работнiца i сялянка», а назву «Алеся» атрымаў у 1995 годзе. З 1 кастрычніка 2014 года часопіс «Алеся» выдаецца РВУ «Выдавецкі дом "Звязда"».
На працягу ўсёй яго гісторыі рэдактарамі былі жанчыны, для якіх праблемы чытачоў добра знаёмыя. Сёння галоўным рэдактарам часопіса з'яўляецца Ларыса Паўлаўна Ракоўская. Гераінямі матэрыялаў становяцца жанчыны розных узростаў і прафесій. Часопіс распавядае не толькі аб жанчынах, але і для жанчын. Гісторыя часопіса – гэта гісторыя ўсёй краіны, перададзеная праз калектыўны партрэт беларусак.


































