
Адкрыццё выставы фларыстычных карцін «Ода прыродзе»
- Details
- Створана 30.11.2022 09:15
29 лістапада адкрылася выстава фларыстычных карцін удзельнікаў народнага клуба «Анюта» ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна"».
«Анюта» – гэта садружнасць людзей, якія з радасцю спасцігаюць складанае мастацтва фларыстыкі. Для майстроў-фларыстаў прырода – крыніца пастаяннага натхнення, новых ідэй і сюжэтаў. Карціны пабудаваны на прынцыпах выяўленчага мастацтва, толькі замест фарбаў намаляваны лісцем і пялёсткамі.
Кожны аўтар раскрывае на палатне ўласнае бачанне яркіх сцэн прыроды. Гэта не толькі маляўнічыя краявіды, але і восеньскія нацюрморты, букеты, кветкавыя кампазіцыі. Выстаўка знаёміць гледача з разнастайнасцю тэхнік: фларыстычны дэкупаж, фларыстычная графіка, змешаная тэхніка, фларыстыка з элементамі энкаўстыкі. Удзельнікаў аб'ядноўвае імкненне перадаць у сваіх карцінах захапленне прыгажосцю кожнага сезона года.
Выстава прадоўжыцца да канца снежня.


































