
Прэзентацыя кнігі Аркадзя Падліпскага «Последний подвиг Веры Хоружей: письма из оккупированного Витебска»
- Details
- Створана 17.09.2020 08:26
15 верасня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Аркадзя Падліпскага «Последний подвиг Веры Хоружей: письма из оккупированного Витебска».
Сімвалічна, што менавіта ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі пабачыла свет новая кніга пра Героя Савецкага Саюза Веру Захараўну Харужую, удзельніцу патрыятычнага падполля ў Віцебску ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аркадзь Падліпскі прысвяціў выданне памяці даследчыкаў віцебскага патрыятычнага падполля Ніны Іванаўны і Мікалая Уладзіміравіча Дарафеенкаў. У 1969 годзе яны выпусцілі ў свет кнігу «Витебское подполье», у якой асветлены гераічныя старонкі гісторыі ваеннага Віцебска. З цягам часу, калі адкрыліся недаступныя раней архівы, з'явілася магчымасць атрымаць новыя звесткі пра віцебскае падполле. Аркадзь Міхайлавіч у сваёй кнізе прыводзіць «без купюр» поўныя тэксты дванаццаці пісем Веры Харужай, але звяртае ўвагу, што пісьмы першапачаткова былі ў зашыфраваным выглядзе.
На прэзентацыі кнігі Аркадзь Міхайлавіч расказаў пра Веру Харужую як сапраўдную патрыётку, асвятліў некаторыя старонкі яе гераічнай біяграфіі, узгадаў пра легендарныя Віцебскія (Суражскія) вароты, праз якія ішла ў акупаваны Віцебск група Веры Харужай, пра цяжкасці, з якімі сутыкнулася падпольная група яшчэ ў самым пачатку сваёй дзейнасці.
У хуткім часе кніга «Последний подвиг Веры Хоружей: письма из оккупированного Витебска» з'явіцца ў фондзе Віцебскай абласной бібліятэкі.


































