
Узнагароджанне лаўрэатаў літаратурных прэмій Віцебскага аблвыканкама за 2020 год
- Details
- Створана 24.12.2020 14:07
23 снежня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» і «Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча» Віцебскага аблвыканкама за 2020 год.
З мэтай ушанавання памяці народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі Віцебскім аблвыканкамам у 2012 годзе была заснавана «Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі», якая была прымеркавана да Года кнігі. За гэтыя гады лаўрэатамі прэміі сталі 25 паэтаў, празаікаў, краязнаўцаў Віцебшчыны. Згодна з пратаколам камісіі па ўручэнні «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» за 2020 год, зацверджаным рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 21 снежня 2020 г. № 719, вырашана прысудзіць «Літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі»:
– у намінацыі «Проза» – Зоі Наваенка за кнігу «Детство в тумане войны»;
– у намінацыі «Паэзія» – Галіне Загурскай за зборнік вершаў «Бераг зарападаў»;
– у намінацыі «Літаратура для дзяцей» – Маіне Кузняцовай-Бабарыка за кнігу «Елграф и волшебные ножницы».
Гэты год прайшоў пад знакам 90-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка Уладзіміра Караткевіча, творы якога працягваюць натхняць новыя пакаленні беларусаў на вывучэнне гісторыі Беларусі, беларускай мовы, вучаць любові да роднага краю. «Літаратурная прэмія імя Уладзіміра Караткевіча» была заснавана ў 2000 годзе, зараз яна ўручаецца адзін раз у 5 год. Лаўрэатамі прэміі за гэты час сталі 18 пісьменнікаў, а таксама ў намінацыі «Прапаганда жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча» (стварэнне музеяў, экспазіцый, куткоў, пастаноўка спектакляў, правядзенне літаратурных мерапрыемстваў па творчасці пісьменніка) былі адзначаны ўстановы культуры вобласці і іх супрацоўнікі. Згодна з пратаколам камітэта па прысуджэнні «Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча» за 2020 год, зацверджаным распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама ад 16 снежня 2020 г. № 311р, вырашана ў намінацыі «Проза» падзяліць прэмію паміж дзвюма намінантамі. Прысудзіць «Літаратурную прэмію імя Уладзіміра Караткевіча»:
– у намінацыі «Проза» – Ганне Навасельцавай за кнігу «Калі цябе спаткае Казка...»;
– у намінацыі «Проза» – Галіне і Сяргею Трафімавым за кнігу «Мой родной край. Орша. Оршанский район»;
– у намінацыі «Паэзія» – Тамары Красновай-Гусачэнка за зборнік вершаў «Будем жить...»;
у намінацыі «Прапаганда жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча» – Аркадзю Русецкаму за шматгадовую працу па прапагандзе жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча і кнігу «Уладзімір Караткевіч: Яго зорка не згасне ніколі... (Спроба літаратурнай біяграфіі)».
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін уручыў лаўрэатам прэмій Дыпломы і пажадаў пісьменнікам плёну ў працы і новых цікавых кніг. Вершы Петруся Броўкі і Уладзіміра Караткевіча прагучалі ў цудоўным выкананні вядучага святочнага вечара, галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніса Юрчака. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка, пісьменнікі Аркадзь Русецкі і Зоя Наваенка ў сваіх выступленнях падкрэслілі вялікае значэнне кнігі для выхавання падрастаючага пакалення, важнасць удзелу пісьменнікаў у грамадскім жыцці краіны.


































