
Адкрыццё выставы Святланы Урублеўскай «Адзінае неба»
- Details
- Створана 13.01.2021 11:00
12 студзеня ў рамках бібліятэчнага арт-праекта «Адлюстраванне» адкрылася мастацкая выстава дацэнта кафедры дызайну і моды УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт», члена Беларускага саюза мастакоў Святланы Урублеўскай «Адзінае неба».
Асноўную частку экспазіцыі складае цыкл чарнагорскіх эцюдаў, выкананых на пленэры ў 2019 годзе. Геаграфія прадстаўлена Чарнагорыяй (г. Століў), Польшчай (рэгіёны Мазуры і Бяскіды), Расійскай Федэрацыяй (Чувашыя і Кастрамская вобласць).
Паветра, неба, гульня сонечных блікаў, імгненнасць і зменлівасць – тое, што заўсёды прыцягвае ў жывапісных творах, напісаных на прыродзе. Менавіта ў гэтым адрозненне пленэрных работ ад створаных мастаком у майстэрні. Па словах Святланы Паўлаўны: «Пленэр – гэта не толькі магчымасць папрацаваць у цікавым, новым для сябе месцы, але і незабыўныя ўражанні ад сустрэч з цікавымі людзьмі, культурай і традыцыямі краіны знаходжання. Кожная такая паездка дорыць напаўненне душы незабыўнай прыгажосцю навакольнага свету, узбагачае сябрамі, новымі ведамі і эмоцыямі. Назва выставы навеяна як раз такімі развагамі. Яна пра крохкасць нашага свету і пра нашу агульную Радзіму – планету Зямля». Усе работы выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу.
Выстава адкрыта да 14 лютага.


































