
Кніжная выстава на мерапрыемствах, прысвечаных 1150-годдзю Полацка
- Details
- Створана 29.05.2012 11:01

25 мая 2012 года адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 1150-годдзю горада. Да гэтай даты аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі і аддзел бібліятэказнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна падрыхтавалі разгорнутую кніжную выставу. На літаратурнай пляцоўцы побач з помнікам вялікаму беларускаму асветніку Сімяону Полацкаму жыхары і госці горада Полацка атрымалі магчымасць пазнаёміцца з літаратурай з фонду Віцебскай абласной бібліятэкі.
Першы раздзел выставы быў прысвечаны развіццю і станаўленню кнігадрукавання, грамадскім і культурным дзеячам, выхадцам з Полацка, людзям, якія стаялі ля вытокаў друкаванай кнігі. Выданні, якія адлюстроўваюць гісторыю і сучаснасць горада-юбіляра Полацка, былі прадстаўлены на асобным стэлажы з назвай «Полацк. Цэнтр Еўропы тут».
Віцебская зямля багата гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, якія сёння атрымліваюць сваё новае нараджэнне і далейшае развіццё. Раздзел “Гонар і слава роднага краю” даў палачанам і гасцям старажытнага горада Беларусі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з рэдкімі кнігамі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя па краязнаўстве. Літаратурная спадчына Віцебшчыны была прадстаўлена яркімі творамі пісьменнікаў і паэтаў, членаў Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, творамі майстроў паэтычнага слова полацкага літаратурнага аб’яднання “Наддзвінне”.
Беларусь можа па праву ганарыцца сваімі землякамі. У раздзеле “Вітаю цябе, беларуская кніга!” былі прадстаўлены матэрыялы пра жыццё і творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, іх лепшыя творы. Усе жадаючыя маглі патрымаць у руках выданні, якія сталі лаўрэатамі Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" ў розных намінацыях, сярод якіх альбом "Дзмітрый Струкаў. Альбом малюнкаў. 1864–1867", а таксама ўнікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя, адна з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі – Слуцкае Евангелле. Таксама наведвальнікі выставы змаглі пазнаёміцца і з сучаснымі беларускімі аўтарамі, творы якіх былі прадстаўлены на літаратурнай экспазіцыі.






















































