
Прэзентацыя кніг Інэсы Плескачэўскай і адкрыццё фотавыставы Міхаіла Пеньяўскага
- Details
- Створана 23.04.2021 10:00
22 красавіка адбылася прэзентацыя кніг журналіста-міжнародніка Інэсы Плескачэўскай «Без "жалезнай заслоны"» (2020) і «Як разгадаць Кітай» (2021), якія выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда».
У першую кнігу ўвайшлі артыкулы, надрукаваныя ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» з 2014 па 2019 год. Аўтар наведала Балгарыю, Румынію, Германію (былую ГДР), Чэхію і Славакію (былую Чэхаславакію), Венгрыю і Польшчу. Выданне ўключае каля сямідзесяці інтэрв'ю з палітыкамі, мільянерамі, зоркамі, прадпрымальнікамі, пенсіянерамі, настаўнікамі, музыкантамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы аб падзеях, якія адбыліся ў іх краінах пасля 1989 года.
Інэса Мікалаеўна са снежня 2000 па красавік 2013 года жыла і працавала ў Пекіне, стаўшы першым афіцыйна акрэдытаваным у Кітаі беларускім журналістам. Кніга «Як разгадаць Кітай» аб'яднала матэрыялы аўтарскіх калонак «Лісты з Пекіна», якія выходзілі ў газеце «СБ. Беларусь сегодня». Выданне праілюстравана вялікай колькасцю фатаграфій, зробленых аператарам Міхаілам Пеньяўскім у правінцыях і раёнах Паднябеснай. Частка з іх была прадстаўлена на выставе «Неразгаданы Кітай», якая адкрылася ў гэты дзень.
Сустрэча з чытачамі бібліятэкі завяршылася аўтограф-сесіяй.


































