
Прэзентацыя гісторыка-патрыятычнага праекта «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944»
- Details
- Створана 12.05.2021 16:42
7 мая ў музеі «Цэнтр сучаснага мастацтва» ў рамках сумеснага праекта «Хроніка памяці» адбылася прэзентацыя гісторыка-патрыятычнага праекта «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944», падрыхтаванага супрацоўнікамі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.
Дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян адкрыла кніжную выставу «Святло Вялікай Перамогі», прымеркаваную да Дня Перамогі, а загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова расказала пра праект, дзе прадстаўлена хроніка падзей ваенных гадоў, факты, успаміны, фатаграфіі і відэаматэрыялы.
Мультымедыйны праект падрыхтаваны на аснове дакументальных крыніц з фондаў абласной бібліятэкі і ўключае інфармацыю з энцыклапедычных і даведачных выданняў, архіўныя, картаграфічныя дакументы, артыкулы пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, што былі апублікаваны ў перыядычным друку. У рамках праекта на працягу 3-х дзён праходзіў бібліятэчны квілт «Мы памятаем! Мы ганарымся!». Гараджане маглі разам з супрацоўнікамі бібліятэкі і музея сабраць палатно памяці, упісаўшы ў «Кнігу Памяці» імёны сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, або пакінуўшы свае пажаданні ветэранам.


































