
Прэзентацыя кнігі «Святы Аляксандр Неўскі»
- Details
- Створана 06.07.2021 09:13
2 ліпеня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Ананічава «Святы Аляксандр Неўскі». Мерапрыемства, арганізаванае Віцебскай епархіяй БПЦ і Віцебскай абласной бібліятэкай, прайшло ў рамках гарадской святочнай праграмы, прымеркаванай да 800-годдзя з дня нараджэння святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага.
«Святы Аляксандр Неўскі» – гэта ілюстраванае выданне для дзяцей, старэйшых за 8 гадоў, выпушчанае выдавецтвам Срэценскага манастыра (г. Масква) у 2021 годзе пры падтрымцы Дабрачыннага фонду імя Роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Кніга ўяўляе сабой мастацкі пераказ жыціі дабравернага князя Аляксандра Неўскага.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел (па відэасувязі) дырэктар выдавецтва Срэценскага манастыра іерадыякан Платон (Кудласевіч), вядучы рэдактар выдавецтва Срэценскага манастыра і рэдактар кнігі «Святы Аляксандр Неўскі» Марыя Вінарава, прафесар, доктар філалагічных навук, кандыдат культуралогіі, выкладчык Срэценскай духоўнай акадэміі Аляксандр Ужанкоў.
На прэзентацыі кнігі прысутнічалі прадстаўнікі ГА «Саюз беларускіх жанчын» і Віцебскага абласнога грамадскага аб'яднання праваслаўных жанчын, кіраўнікі, спецыялісты бібліятэк ВНУ горада і бібліятэк сеткі Міністэрства культуры ў Віцебскай вобласці.
Кніга Аляксандра Ананічава «Святы Аляксандр Неўскі» перададзена ў якасці дару ў фонд Віцебскай абласной бібліятэкі і найбуйнейшыя бібліятэкі горада Віцебска і Віцебскай вобласці.


































