
Прэзентацыя кнігі «Звод помнікаў воінскай славы, памятных месцаў, воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны Віцебскага раёна»
- Details
- Створана 28.09.2021 11:49
23 верасня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі «Звод помнікаў воінскай славы, памятных месцаў, воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны Віцебскага раёна» пад укладаннем кандыдата гістарычных навук Мікалая Півавара.
Гэтая кніга – вынік шматгадовай пошукавай работы краязнаўцы, у ёй змешчаны звесткі пра 285 аб'ектаў на тэрыторыі раёна з апісаннем і фотаздымкамі.
З выхадам у свет «Звода помнікаў...» аўтара павіншаваў старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў. Як адзначыў у сваім выступленні галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак, падрыхтаваная кніга – першы ў краіне звод помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць спадзяванні, што работа ў гэтым накірунку будзе падхоплена іншымі рэгіёнамі.
Мікалай Півавар расказаў, што работа па выяўленні і ўвекавечанні не завершана, колькасць выяўленых помнікаў і пахаванняў павялічваецца. На слайдах электроннай прэзентацыі, падрыхтаванай аўтарам, былі паказаны шматлікія помнікі, размешчаныя ў розных кутках Віцебскага раёна. Сярод іх і добра вядомыя ўсім помнікі, такія, як «Віцебскія» («Суражскія») вароты, помнік Анатолю Углоўскаму, помнік дзецям Міная Шмырова, і тыя, пра якія ведаюць толькі жыхары пэўнай мясцовасці.
Пра неабходнасць прыцягваць да пошукавага руху моладзь, выхаванне патрыятызму ішла размова ў выступленнях захавальніка музейных экспанатаў народнага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людмілы Нікіцінай і кіраўніка Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання моладзі «ПОШУК» Ларысы Бруевай. Загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова расказала пра электронны праект гісторыка-патрыятычнага накірунку «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944», створаны супрацоўнікамі бібліятэкі.
Кніга «Звод помнікаў воінскай славы, памятных месцаў, воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны Віцебскага раёна» ў хуткім часе з'явіцца ў фондзе аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі бібліятэкі.


































