
Адкрыццё выставы «Хто ты, народ рома?..»
- Details
- Створана 29.10.2021 10:40
28 кастрычніка адкрылася выстава «Хто ты, народ рома?..» у рамках нямецка-беларускага праекта «Памяць пра генацыд рома на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны».
Арганізатары праекта – Федэральнае Міністэрства замежных спраў Германіі, Нямецкі адукацыйны цэнтр «За мір», ГА «Беларуская цыганская дыяспара», ДУКЗТ «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур», Гістарычная майстэрня імя Л. Левіна.
Рабочая група праекта, якая складаецца з прадстаўнікоў нямецкага і беларускага бакоў, пабывала ва ўсіх абласцях Беларусі і запісала ўспаміны цыганскіх сем'яў, якія былі сведкамі супрацьзаконных дзеянняў (генацыду), накіраваных супраць рома. Інфармацыя, атрыманая падчас паездак, прадстаўлена ў выглядзе інтэрв'ю, размешчаных на банэрах. У выставачную экспазіцыю ўваходзяць інфармацыйныя банэры: Гісторыя рома; Жыццё рома да 1941 года; Генацыд рома падчас нацысцкай акупацыі Беларусі (1941–1944 гг.); Карта Беларусі, з нанесенымі абазначэннямі месцаў нацысцкіх лагераў смерці і масавага знішчэння насельніцтва; Гісторыя ў асобах (архіўныя фота); Жыццё рома ў сучасным свеце на тэрыторыі Беларусі. Для ілюстрацыйнай часткі банэраў былі ўзяты фотаматэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Музея Вялікай Айчыннай вайны, асабістых архіваў цыганскіх сем'яў і грамадскага аб'яднання «Беларуская цыганская дыяспара», адкрытых крыніц інтэрнет-рэсурсаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, прадстаўнік ГА «Беларускі фонд культуры» Міхаіл Рыбакоў, віцэ-старшыня Беларускай цыганскай дыяспары Артур Гоманаў.
Выстава адкрыта да 10 лістапада.


































