
Прэзентацыя кнігі «Традыцыйная культура і побыт беларусаў»
- Details
- Створана 13.12.2021 14:28
9 снежня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Кацярыны Півавар і Генадзя Арцямёнка «Традыцыйная культура і побыт беларусаў». Кніга выйшла ў серыі «Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара».
Выданне прэзентавала адзін з аўтараў – дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Кацярына Півавар.
Аўтар ідэі стварэння кнігі – загадчык кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Генадзь Арцямёнак пайшоў з жыцця ў красавіку 2021 года. Генадзь Антонавіч з'яўляўся кіраўніком навукова-даследчай тэмы кафедры беларускага мовазнаўства «Беларуская мова як крыніца лінгвакраіназнаўчай інфармацыі пра дзяржаўнасць, гісторыю і культуру беларускага народа». У час прэзентацыі Кацярына Півавар расказала пра гісторыю стварэння лінгвакраіназнаўчага слоўніка пра Беларусь, падрабязна спынілася на структуры кнігі, яе выкарыстанні ў педагагічнай і краязнаўчай дзейнасці. Слоўнік-даведнік цудоўна ілюстраваны і змяшчае матэрыялы пра традыцыйны побыт, святочныя традыцыі беларусаў, асаблівасці беларускай мовы, свет беларускай прыроды.
З выхадам у свет кнігі сваю калегу павіншавалі намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Святлана Мартынкевіч і дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Дзядова.
У хуткім часе кніга з'явіцца ў фондзе бібліятэкі.


































