
“Стыхія колеру” Аляксандра Салаўёва
- Details
- Створана 20.04.2012 13:42
19 красавіка ў выставачнай галерэі абласной бібліятэкі адбылося адкрыццё выставы жывапісу "Стыхія колеру" заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандра Салаўёва.
А. А. Салаўёў нарадзіўся 13 верасня 1926 года ў в. Солані Лужскага раёна Ленінградскай вобласці. Скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. І. Мухінай (1957), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1965). Пачынаючы з 1977 года, працаваў галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. Аформіў больш за 100 спектакляў, пастаўленых у драматычных тэатрах Віцебска, Гомеля, Бабруйска. З'яўляецца ўдзельнікам мастацкіх выстаў з 1963 года. Працуе ў тэатральна-дэкаратыўным мастацтве, станковым жвапісе і графіцы.
Характэрнай творчай манерай, якая вылучае палотны мастака, з'яўляецца абстракцыя. Кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта імя П. М. Машэрава М. Л. Цыбульскі адзначае, што "тэмперамент Аляксандра Салаўёва, яго вялікая ўнутраная энергія, скіраваная на творчасць, самавыражэнне і самаўдасканаленне, аказаліся сугучнымі мове і стылістыцы абстракцыі. Эксперыментам у станковым фармаце садзейнічае і тое, што аўтар заўжды вольны ў выкарыстанні выяўленчых матэрыялаў, ніколі не засяроджаны на чысціні мастацкіх тэхнік. Рамантык па натуры, ён стварае абстрактныя і паўабстрактныя творы, абапіраючыся на канкрэтную рэальнасць".
На рэтраспектыўнай выставе А. Салаўёў прадставіў 13 карцін, выкананых у змешенай і маслянай тэхніках, якія характарызуюць яго схільнасць да абстрактнага жывапісу і выражаюць пэўную аўтарскую філасофію. Сярод іх "Катастрофа" (1950), "Ікар" (1981), "Вока Госпада" (1996), "Стыхія" (2010) і іншыя работы.
У адкрыцці выставы прынялі ўдзел калегі-мастакі, акцёры тэатра, якія на працягу многіх гадоў з'яўляюцца прыхільнікамі таленту А. Салаўёва, творчая інтэлігенцыя горада.


































