
Міжнародны кніжны форум “Рускі Захад”
- Details
- Створана 11.04.2012 08:52
5–7 красавіка ў Пскове адбыўся IX Міжнародны кніжны форум "Рускі Захад". Традыцыйна арганізатарамі форуму выступілі Пскоўская абласная ўніверсальная навуковая бібліятэка і Дзяржаўны камітэт Пскоўскай вобласці па культуры. У гэтым годзе ў праграме форуму было заяўлена адкрыццё выставы работ расійскага мастака, класіка дзіцячай кніжнай ілюстрацыі Юрыя Васняцова; сустрэчы з пісьменнікамі Маргарытай Хемлін (намінат прэміі "Рускі Букер", Масква), Аляксандрам Кароцічам (пісьменнік, стваральнік дзіцячага сайта "Жужа", Масква); прэзентацыі і майстар-класы; узнагароджанне пераможцаў конкурсу "Пскоўская кніга 2011"; адкрыццё Цэнтра талерантнасці пры бібліятэцы, праект якога ініцыяваны Дабрачынным фондам "Інстытут талерантнасці", Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэкай замежнай літаратуры імя М. Рудаміна і рэалізуецца сумесна з адміністрацыяй Пскоўскай вобласці і Бюро ЮНЕСКА ў Маскве.
У рамках форуму 6 красавіка адбылася III Міжнародная канферэнцыя "Культура прыгранічча: садзейнічанне этнічнай згоды", прысвечаная тэме добрасуседства, талерантнасці і дасягнення этнічнай згоды ва ўмовах поліэтнічнасці, мульцікультурнасці прыгранічных тэрыторый, у якой прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк Расіі, Беларусі, Латвіі і Эстоніі.
Пра рэалізацыю карпаратыўных мерапрыемстваў, якія ўключылі ў сябе стварэнне паўнатэкставых электронных рэсурсаў, інфармацыйных і бібліяграфічных дапаможнікаў, а таксама іншых праектаў, якія садзейнічаюць развіццю двухбаковых зносін і міжкультурнага дыялога прысутных пазнаёмілі супрацоўнікі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.
У ходзе работы канферэнцыі былі таксама заслуханы даклады загадчыцы аддзелам міжбібліятэчнага ўзаемадзеяння з бібліятэкамі Расіі і краін СНД Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Галіны Райковай, дырэктара Рэзекненскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі Марыі Спроге (Латвія), намесніка дырэктара па навуковай рабоце Гомельскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Юрыя Максіменкі (Беларусь), загадчыцы аддзелам фарміравання фондаў Смленскай абласной універсальнай бібліятэкі імя А. Т. Твардоўскага Алены Горбуль (Расія), а таксама іншых спецыялістаў і гасцей форуму.


































