
Візіт кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк Віцебшчыны ў Пскоўскую абласную бібліятэку
- Details
- Створана 06.06.2022 17:00
2 чэрвеня дэлегацыя бібліятэкараў Віцебскай вобласці наведала з візітам Пскоўскую абласную ўніверсальную навуковую бібліятэку.
На працягу многіх гадоў Віцебская і Пскоўская абласныя бібліятэкі звязваюць партнёрскія і сяброўскія адносіны, якія дазваляюць рэалізоўваць сумесныя праекты.
Сустрэча пачалася са знаёмства з бібліятэкай. Генеральны дырэктар Пскоўскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі Вера Паўлава расказала аб тым, якія змяненні і новаўвядзенні з'явіліся ў будынку бібліятэкі пасля рэканструкцыі.
У час экскурсіі па бібліятэцы дэлегацыя наведала аддзелы абслугоўвання чытачоў, пазнаёмілася з праектамі Рэгіянальнага цэнтра чытання, пабывала ў аддзеле захоўвання асноўнага фонду, аснашчанага найноўшым абсталяваннем, а таксама азнаёмілася з двухступеньчатай сістэмай даведачна-бібліятэчнага абслугоўвання чытачоў.
Затым адбыўся сумесны круглы стол, прысвечаны патрыятычнаму выхаванню моладзі. У яго рабоце прымалі ўдзел генеральны дырэктар Пскоўскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі Вера Паўлава, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, першы намеснік старшыні Камітэта па культуры Пскоўскай вобласці Вера Аляксеева, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч, старшыня прафсаюзаў работнікаў культуры Пскоўскай вобласці Наталля Радзівонава, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава.
У ходзе работы круглага стала былі прадстаўлены праекты «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944», «Віцебшчына ў вайне 1812 года», рэалізаваныя Віцебскай абласной бібліятэкай, даклады аб рабоце Музея рамана В. А. Каверына «Два капітаны», аб захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны В. Я. Курбатава, а таксама аб перспектывах супрацоўніцтва бібліятэк Віцебскай і Пскоўскай абласцей.
Падзяку за шматгадовае плённае супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных праектаў бібліятэк атрымалі дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Вольга Камендантава і загадчык аддзела перыядычных выданняў Вольга Шыбека.
Галоўным вынікам сустрэчы стала падпісанне Пагаднення аб узаемным супрацоўніцтве паміж бібліятэкамі-партнёрамі.
Скончыўся візіт наведваннем Кабінета У. Я. Курбатава і Музея рамана В. А. Каверына «Два капітаны».


































